«Вуліцы нашага горада»: Вулiца Даватара
Колькі ў Віцебску вуліц і завулкаў? Гэтае пытанне, відаць, застане знянацку большасць гараджан. Розныя крыніцы даюць розныя лічбы, але ў любым выпадку іх не менш за 700. І ў кожнай свой лёс. Не ўсім, як той жа Замкавай, давялося пранесці праз стагоддзі першапачатковыя назвы, якія засталіся толькі на старых картах-планах. А ёсць і зусім маладыя, што ўзнікаюць, калі наша абласная сталіца расце ва ўсе бакі. У мітусні часу мы рэдка калі задумваемся над гісторыяй сваёй вуліцы, у чый гонар яна названа, якія слынныя людзі тут жылі. Новая рубрыка газеты «Віцьбічы» «Вуліцы нашага горада» і павінна па магчымасці ліквідаваць гэтыя хібы.
Усяго 700 метраў мае ў даўжыню вуліца Даватара, але наўрад ці знойдзецца гараджанін, які хоць раз не крочыў бы па ёй альбо па нейкай пільнай патрэбе, альбо проста шпацыруючы ў вольную часіну па старым Віцебску.
З сівой мінуўшчыны
На плане Віцебска 1905 года вуліца, якая сёння пачынаецца ад праспекта Фрунзе і амаль што «ўпадае» на сваім заканчэнні ў Віцьбу, пазначана як Нікольская, потым яна стала 1-й Ветэрынарнай, але людзі тут сяліліся значна раней.
Гэты раён у спрадвечныя часы называўся Кстоўскай гарой, альбо проста Ксты: тут спрадвеку быў курганны могільнік. А таксама ёсць гіпотэза, што менавіта ў гэтых мясцінах пасадзілі на кол казацкага атамана Дубіну, які са сваімі паплечнікамі напаў на Віцебск у 1602 годзе. Вышэйшая ж частка раёна мела назву Гутараўшчына, бо ў свой час зямля належала віцебскаму гарадскому суддзі Гутару. Асноўная забудова вуліцы, як сведчыць энцыклапедычны даведнік «Віцебск», распачалася ў ХVIII стагоддзі.
Ураджэнец Лепельскага павета Герой Савецкага Саюза генерал-маёр Леў Даватар у 1941-м праславіўся сваімі коннымі рэйдамі па нямецкіх тылах на Смаленшчыне. У гэтым жа годзе ён і загінуў пры абароне Масквы. У пасляваенны час імем героя назвалі вуліцу. Хаця, прыкры факт, большасць апытаных гараджан аказалася не ў стане адказаць, хто такі Даватар. Iм засталося толькі параіць уважліва вывучыць мемарыяльную шыльду ў пачатку вуліцы.
«Вулічны старажыл»
Пасляваенная гісторыя вуліцы Даватара пісалася на вачах Сямёна Дынкіна, даўняга сябра «Віцьбічаў». Ён шмат гадоў вядзе рэй у шахматнашашачным клубе «Ладдзя», што сёння -ўваходзіць у ГФСК «Віцебск». Менавіта з ім мы і прагуляліся па вуліцы, дзе цесна перапляліся мінулае і сучаснасць.
Нават пасля вайны тут быў пераважна сектар прыватнай забудовы. Па некаторых звестках, на месцы цяперашняга дыспансера спартыўнай медыцыны стаяў аднапавярховы дом, у якім прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады вядомага кампазітара Марка Фрадкіна.
Насупраць, ужо, вядома, значна пазней, неўздалёк ад цяперашняга дыягнастычнага цэнтра, жыў былы партызанскі камбрыг ганаровы грамадзянін Віцебска Даніла Райцаў: да рэвалюцыі ў гэтым раёне знаходзілася кантора трамвая.
Злева на гары гмах канцэртнай залы «Віцебск». Ён пабудаваны ў 1988 годзе на месцы, дзе і датуль віравала культурнае жыццё, быў Летні тэатр, у ім выступалі свае артысты і заезджыя гастралёры.
Побач з ім гімназія № 1 (ранейшая СШ № 15). У старым будынку калісьці суседнічалі вучні малодшых класаў і мастацка-педагагічнае вучылiшча, студэнты якой праходзілі практыку, як кажуць, на месцы. Яе дырэктарам быў ганаровы грамадзянін Віцебска Акім Салоха. Акім Несцеравіч вітаўся з кожным стрэчным гараджанінам, пры гэтым абавязкова здымаючы нязменны капялюш. Папулярнай у горадзе ўстанове адукацыі ўжо цесна ў старых памяшканнях, таму нядаўна ёй перадалі будынак былога станка-інструментальнага тэхнікума на Успенскай горцы.
У ціхім парку, дзе цяпер знаходзіцца рэстаран «Агніво» (колішняя «Хата лесніка»), у даўнейшыя часы былі могілкі і стаяла СвятаМікалаеўская (Завіцьбенская) царква. Сямён Вульфавіч яшчэ памятае яе руіны, якія неўзабаве разабралі, каб «опіум для народа» не мыліў вочы. Пацікавіліся са старажылам, ці засталіся ад святыні хаця б камяні? Але работніца рэстарана па даглядзе тэрыторыі Раіса Яркіна, якая завіхалася па гаспадарцы, расчаравала: усё даўно ўжо вывезена, прыбрана ўшчэнт яшчэ ранейшымі гаспадарамі.
Дарэчы, унізе, каля самой Віцьбы, таксама з абодвух бакоў ракi была вуліца з драўлянымі хатамі. «Амаль такімі, як на карцінах Шагала», — адзначае старажыл.
Упрыгожаннем вуліцы ўжо сто гадоў з’яўляецца галоўны будынак акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Перад самай рэвалюцыяй ён быў узведзены як Пазямельна-сялянскі банк. Але ўжо ў 1924-м стаў ветэрынарным інстытутам імя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Прыцягвае ўвагу выява вершніка з мячом пад самым дахам — стылізаваны герб Віцебскай губерні. Па словах Сямёна Вульфавіча, лепшы ракурс на выяву — акурат з яго вакна насупраць на чацвёртым паверсе. Нездарма ж яго кватэру часам выкарыстоўвалі ў якасці пляцоўкі мясцовыя і сталічныя фатографы.
Вялікую цікавасць уяўляе так званы дом спецыялістаў насупраць акадэміі на рагу з вуліцай Баўмана. Ён быў пабудаваны ў 1938 годзе і выгадна адрозніваўся ад тагачасных камуналак. Сярод жыхароў былі лётчыкі і высокакваліфікаваныя медыкі. У часы акупацыі тут размяшчалася гаспадарчая інспекцыя гітлераўцаў, а ўвесь першы паверх быў ператвораны ў абарончы пункт. Як сведчыць мемарыяльная шыльда, менавіта на гэтым будынку ураджэнец Шуміліншчыны Дзмітрый Мясаедаў у 1944-м узняў чырвоны сцяг вызвалення.
Падчас баёў будынак быў больш чым на трэць разбураны, але неўзабаве яго аднавілі. У ім кампактна пражывалі артысты тэатра iмя Якуба Коласа, якія вярнуліся з эвакуацыі. Тут у кастрычніку 1945-га пасялілася і сям’я Дынкіных: бацька Вульф Давідавіч працаваў галоўным бухгалтарам у тэатры.
А суседзі спрэс былі «народныя» ды «заслужаныя»! Побач жылі славутыя Аляксандр Ільінскі і Фёдар Шмакаў, Зінаіда Канапелька і Мікалай Яроменка, іншыя знакамітыя артысты. Потым, праўда, яны параз’язджаліся з камунальнага жытла ва ўласныя кватэры. Маленькі Сямён любіў завiтаць у госці да Івана Галькевіча — калекцыянера з сусветным імем.
Раней у пад’езд можна было заходзіць не толькі з боку двара, але і з вуліцы. Сёння тут добра сочыць за парадкам работнік Зелянгаса Віктар Сарока, з якім таксама крыху пагутарылі пра жыццё.
Далей, на сканчэнні вуліцы, быў прыватны сектар, дзе сялілася кіраўніцтва горада і вобласці. Сямён Вульфавіч прыгадвае, як дзецьмі залезлі ў сад да першага пасляваеннага сакратара абкама кампартыі і, як кажуць, «папаліся». Але чыноўнік не стаў караць малечу. Наадварот, даў яблыкаў і параіў на будучыню не лазіць праз агароджу, а проста зайсці і папрасіць садавіны.
Сапраўдным дзівам драўлянага дойлідства выглядае двухпавярховы дом пад нумарам 20, які мае больш чым 100-гадовую гісторыю. Яго пабудаваў у 1913 годзе гарадскі землямер Трыфан Гарбаценкаў, і не здзіўлюся, калі ён найстарэйшы ў Віцебску са сваіх аналагаў.
Пасля 1931 года тут здымаў пакой-майстэрню мастак Яфім Мінін — вучань Юдэля Пэна. Яго яркія гравюры па дрэве экспанаваліся ў галерэях ад Ленінграда да Нью-Ёрка. На жаль, лёсы абодвух творцаў склаліся трагічна. Калі настаўнік быў забіты пры не высветленых дакладна абставінах, дык вучня знішчыла сталінская рэпрэсіўная машына. І цяпер тут жывуць людзі. Мой праваднік згадвае, як пасля школы хадзіў сюды да бабулек-рэпетытараў з яшчэ дарэвалюцыйнай гімназійнай адукацыяй. Запомніліся шыкоўныя кафляныя печкі ўнутры.
У стылі мадэрн
Дарэвалюцыйны жыхар Віцебска сёння не пазнаў бы сваю Нікольскую вуліцу. Замест драўляных хацін спрэс сучасныя будынкі. Узяць хаця б шматпавярхоўку са шкла і бетону Банка развіцця, адкрытага некалькі гадоў таму, будынкі медыцынскіх устаноў, новы корпус акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Што зробіш, жыццё не стаіць на месцы, прапануючы ўсё новыя і новыя архітэктурныя формы. І хацелася б, каб яны арганічна ўпісваліся, дапаўняючы непаўторны каларыт нашага тысячагадовага горада.
Автор: Алесь БЫНЬКОЎ. Фота аўтара.