АКАДЭМIЯ IНТЭЛЕКТУАЛЬНАЯ
Традыцыйна акадэмiя арганiзуе i праводзiць разнастайныя iнтэлектуальныя турнiры мiжнароднага, рэспублiканскага i гарадскога ўзроўняў.
Адным з такiх турнiраў стаў гарадскi «Iнтэлектуальны паўмарафон па гульнi «Што? Дзе? Калi?» для школьнiкаў i навучэнцаў сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў. Арганiзатарамi яго разам з аддзелам выхаваўчай работы сталi аграрны каледж акадэмii i установа адукацыi «Вiцебскi дзяржаўны палiтэхнiчны прафесiйны лiцэй» (УА «ВДППЛ»).
Турнiр быў прысвечаны «Году Малай Радзiмы» i адной са сваiх мэтаў меў прафесiйную арыентацыю моладзi i прыцягненне ўвагi будучых абiтурыентаў: вучняў старэйшых класаў i навучэнцаў аграрнага каледжу – да працягу адукацыi ў нашай навучальнай установе.
На пачатку ўсiм прысутным Сяргей Пятроўскi дасканала распавёў пра тое, што «вучоба ў акадэмii – шлях да поспеху». Былi паказаны кадры з развiцця i сучаснага жыцця акадэмii, ўдзельнiкi турнiру атрымалi матэрыялы, у якiх паведамлялася пра ўмовы паступлення ў акадэмiю ветэрынарнай медыцыны i навучання ў ёй.
Сам турнiр праходзiў у напружанай барацьбе за першыя месцы. Навучэнцы сярэднiх школ, лiцэяў, аграрнага каледжу, якi быў прадстаўлены дзвюма камандамi, адказвалi не толькi па тэматыцы турнiру, але i на пытаннi з розных галiн ведаў. Дарэчы – вельмi паспяхова. Дастаткова сказаць, што другое месца ад першага аддзялiлi толькi два балы рэйтынгу!
Каманды аграрнага каледжу занялi на турнiры другое i шостае месцы. Гэта выдатныя вынiкi, але дзяўчаты – гульцы каманд, здавалася, ледзь стрымлiвалi слёзы. I гэта добра, таму што жаданне перамагчы абавязкова прывядзе да перамогi ў будучым.
Як паабяцаў вядучы турнiру, намеснiк дырэктара УА «ВДППЛ» па выхаваўчай рабоце Андрэй Каржэўскi, некалькi месяцаў упартых трэнiровак – i наш каледж будзе сярод пераможцаў. Магчыма, ужо на «Студэнцкай аграрнай вясне – 2019».
Прарэктар па выхаваўчай рабоце Вiталь Велiканаў, дацэнт Сяргей Пятроўскi