“Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы…”
(літаратурная гасцёуня к 130-годдзю з дня нараджэння М. Багдановіча)
9 снежня мы адзначаем 130-год з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча.
Максім Багдановіч… Такі зямны і такі ўзвышаны… Паэт, чыё імя стала сімвалам гарачай юнацкай любові да Радзімы. Лёс адмерыў вельмі кароткі век паэту – толькі 25 гадоў ззяла зорка яго жыцця. Аднак ён паспеў зрабіць вельмі шмат, залатымі літарамі ўпісаўшы сваё імя ў гісторыю беларускай культуры.
У дзень нараджэння паэта бібліятэка гасцінна адчыніла дзверы для сваіх чытачоў. Увазе наведвальнікаў была прадстаўлена кніжная выстава твораў М. Багдановіча “І зорка гарыць, і не вяне вянок…” , ілюстрацыі к вядомым вершам, якія намалявала бібліятэкар Ендржыеўская Эльвіра, гучаў цыкл песень на музыку У. Мулявіна (зборнік “Вянок”).
А пасля заняткаў бібліятэкары запрасілі студэнтаў у літаратурную гасцёўню “Я хацеў бы спаткацца з вамі на вуліцы…”. Вядучая пазнаёміла прысутных з асноўнымі этапамі жыцця і творчасці знакамітага паэта. Студэнты згадалі любімыя вершы М. Багдановіча, прынялі ўдзел у віктарыне. З вялікім задавальненнем госці малявалі ілюстрацыі і плялі “вянок паэта” з васількоў – сімвалам творчасці М. Багдановіча.
Літаратурную гасцёўню наведалі студэнты 1 курса ФВМ (куратары – Каспяровіч І.С., дацэнт кафедры паразітарных і інвазійных хвароб жывёл, Мініч А.В., асістэнт кафедры анатоміі жывёл) і 2 курса ФВМ (куратар – Раманава К.У., асістэнт кафедры фармакалогіі і таксікалогіі).
Прапануем пазнаёміцца з відэаролікам і фотаматэрыяламі мерапрыемства (аўтар відэа загадчыца аддзела бібліятэкі Таццяна Бутманава).
Библиотека УО ВГАВМ