Адкрыты дыялог да Дня навукі!
26 студзеня прафесары і моладзь сабраліся ў канферэнц-зале і не проста так, бо дэвіз акадэміі – «Ствараем будучыню, захоўваем традыцыі».
Наш рэктар Мікалай Іванавіч Гаўрычэнка строга выконвае традыцыі і пачаў з узнагароджання.
Нагода – 65-гадовы юбілей Пятра Альбінавіча Красачкі, доктара ветэрынарных навук, прафесара, таленавітага, сціплага і працавітага чалавека. Віншавальныя адрасы паступілі з усіх куткоў свету, і яны знайшлі свайго атрымальніка.
А пасля былі ўзнагароджаны ўсе, хто сёлета дасягнуў высокіх паказчыкаў у развіцці навукі, а таксама ў падрыхтоўцы навуковых работнікаў і студэнцкай моладзі.
Пра тое, як «заразіць» навукай сваіх блізкіх распавёў Пётр Альбіновіч. Ад моладзі паступалі вострыя пытанні, а ён даваў шчырыя адказы.
Міхаіл Міхайлавіч Карпеня падзяліўся, як «дакаціўся» да прафесара! Нічога не бывае без дысцыпліны і працы.
Валерый Міхайлавіч Холад распавёў, як марыў стаць энтамолагам і хадзіць у экспедыцыі, але як добра, што на шляху сустрэлася наша Акадэмія, і ён ветэрынар! Ні пра што не шкадуе, рыхтуе новых вучняў, чытае лекцыі і мы пацвярджаем, гэта яму ўдаецца на «выдатна»!
Нядаўна Прэзідыумам ВАК Рэспублікі Беларусь настрыфікаваны дыплом доктара навук Алены Аляўцінаўны Капітонавай, і яе папрасілі падзяліцца «свежымі» эмоцыямі. Аказалася ¬– радасць прыходзіць нечакана і своечасова!
Пра тое, як прыемна вяртацца ў Акадэмію, сустракаць калег падзяліўся наш госць, выпускнік – Юрый Георгіевіч Лях.
Спрабуйце, памыляйцеся, але ніколі не збочвайце ад вызначанай мэты! Многія з нас, прысутных дактароў навук прайшлі абарону двойчы, цяжкасці робяць нас мацней – падсумаваў Мікалай Іванавіч! Са святам!