«Беларусь інтэлектуальная» – падвядзенне вынікаў
За дзевяць дзён працы выставу «Беларусь інтэлектуальная» наведалі да 100 тысяч чалавек. Такую лічбу прывёў першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Сяргей Чыжык падчас прэс-канферэнцыі БЕЛТА, прысвечанай падвядзенню вынікаў навуковага форуму.
Выстава пераканаўча даказала, што Беларусь – краіна інтэлектуальная, лічыць спецыяліст. Пры гэтым сышліся два фактары. Першае – тое, што рэспубліканскай навуцы насамрэч было што паказаць. І другі момант –непадробная цікавасць, якую праявілі людзі.
– Выстава была зроблена па прапанове Прэзідэнта, і гэтая ідэя стрэліла ў дзясятку, – канстатуе Сяргей Чыжык. – Штодня мы бачылі, колькі прыходзіць наведвальнікаў. Вялікая колькасць школьнікаў і студэнтаў, людзей самых розных узростаў. Пры гэтым тыя, хто прадстаўляў свае вынаходкі, таксама з вялікай цікавасцю расказвалі аб сваёй працы. Людзям было цікава, яны ўнікалі, пыталіся. Атрымаўся дыялог, рух насустрач.
Як падкрэсліў Сяргей Чыжык, ёсць вялікая верагоднасць таго, што сотні, калі не тысячы маладых людзей, якія наведалі выставу, – гэта кадравы рэсурс беларускай навукі, будучыня краіны. Цікавасць моладзі да навукі пацвярджае і статыстыка. Па словах начальніка ўпраўлення навукі і інавацыйнай дзейнасці Міністэрства адукацыі Пятра Пякуцькі, па прыблізных падліках ведамства, выставу «Беларусь інтэлектуальная» наведалі каля 6,5 тысяч студэнтаў, каля 3 тысяч школьнікаў і каля 2,5 тысяч навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы найбольш значныя і цікавыя навуковыя распрацоўкі краіны, з якімі ўжо паспелі азнаёміцца мінчане і госці сталіцы (а гэта, па самых сціплых падліках, ад 80 да 100 тысяч чалавек), пакажуць і жыхарам рэгіёнаў. Па плане выстава павінна аб’ехаць усе абласныя цэнтры за два месяцы.
За актыўны ўдзел УА «Віцебская ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны» была ўзнагароджана дыпломам.