КАРОТКІ ШЛЯХ ДА БАРНАУЛА!
Да горада Барнаула, што ў Алтайскім краі, калі ехаць цягніком – два дні, а калі ляцець самалётам – 4 гадзіны. Загадчык кафедры камп′ютэрнай адукацыі Міхал Барысевіч і дацэнт кафедры ўнутраных незаразных хвароб жывёл Сяргей Пятроўскі 10 лютага трапілі ў Барнаул, а дакладней, у Алтайскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт амаль імгненна.
Гэта атрымалася дзякуючы сучасным інфармацыйным тэхналогіям, якімі на самым высокім узроўні валодае кафедра камп′ютэрнай адукацыі. Яе супрацоўнiкi наладзілi якасную сувязь паміж акадэміяй і далёкім Алтайскім краем.
Мэта гэтай сувязi – анлайн-выступ на XVIII Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Аграрная навука – сельскай гаспадарцы», прысвечанай 80-годдзю Алтайскага ДАУ.
Навукоўцы акадэміі прадставілі два даклады. Даклад Міхала Мікалаевіча Барысевіча быў прысвечаны сучасным падыходам да лячэння і дыягностыкі хвароб жывёл (рыдыёнуклідная дыягностыка і тэрапія), Сяргея Пятроўскага – біяхімічным змяненням у арганізме свінаматак пры таксічным гепатозе (у прыватнасці, утрыманню ў крыві метабалітаў вугляводнага абмену – малочнай і піравінаграднай кіслот).
Выкладчыкі не губляліся з-за таго, што перад імі не было слухачоў (дакладней, яны былі, але ў 4000 кіламетрах). Даклад Міхала Барысевіча быў праслуханы завочна i заслужыў высокiх адзнак ад арганiзатараў i ўдзельнiкаў канферэнцыi.
Расповед Сяргея Пятроўскага пра метабалiчныя змяненнi ў свiнаматак выклікаў цікавасць, як слухачоў у зале медыяцэнтра Алтайскага ДАУ, так і ў удзельнікаў канферэнцыі, якiя працавалi на ёй у рэжыме анлайн. Было зададзена шмат пытанняў, на якія былі атрыманы падрабязныя адказы.
Усяго па накірунку канферэнцыі «Інавацыйныя падыходы да дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі хвароб жывёл» было прадстаўлена 25 дакладаў. Цікава адзначыць, што 9 лютага канферэнцыя пачала працаваць а шостай гадзіны раніцы (на Алтаі – гэта 10 гадзін раніцы). У гэты дзень выступалі мясцовыя ўдзельнiкi, жыхары Сібіры. Выступоўцы з Беларусі i Еўрапейскай частцы Расіі пачалі дакладацца на наступны дзень у 9 гадзін раніцы (у 13.00 па мясцовым часе).
Анлайн-сустрэча і для гасцей, і для гаспадароў стала радаснай і плённай. Нашы навукоўцы атрымалі прапановы да ўдзелу ў чарговай канферэнцыі (у наступным годзе) і да больш цесных стасункаў у публікацыйнай дзейнасцi ў навуковых часопісах Алтайскага ДАУ.
Запрашэнні з падзякай прыняты!
Сяргей Пятроўскі, дацэнт кафедры
ўнутраных незаразных хвароб жывёл