СКОКI, ПЕСНI I КIНО!
I гэта ўсё падчас сустрэчы выпускнiкоў сярэднiх школ, навучэнцаў 9 i 10 класаў Нясвiжскага раёну Мiнскай вобласцi «Шляхi атрымання прафесiйнай адукацыi ў Рэспублiцы Беларусь», якая адбылася 28 лютага 2023 года. Гiмназiя i 18 школ горада Нясвiжа i Нясвiжскага раёну даслалi сваiх вучняў (больш за 290 школьнiкаў i школьнiц) на гэтае прафарыентацыйнае мерапрыемства.
Да ўдзелу былi запрошаны прадстаўнiкi 5 ВНУ (Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт культуры i мастацтваў, Беларускi дзяржаўны аграрна-тэхнiчны ўнiверсiтэт, Баранавiцкi дзяржаўны ўнiверсiтэт, Беларускi дзяржаўны тэхналагiчны ўнiверсiтэт i наша акадэмiя) i аднаго каледжу (Навапольскi дзяржаўны аграрна-эканамiчны каледж). Варта адзначыць, што пяцёрка запрошаных – з устаноў адукацыi, што месцяцца недалёка ад Нясвiжу. Запрашэнне акадэмii да ўдзелу – адзнака добрых стасункаў i руплiвай прафарыентацыйнай працы, якую вядзе ў раёне кафедра ўнутраных незаразных хвароб жывёл i асабiста асiстэнт Валерый Васькiн.
Ужо на самым пачатку мерапрыемства «экспазiцыя» акадэмii выклiкала цiкавасць у навучэнцаў i iх педагогаў. Хлопцы i дзяўчыны з розных школ падыходзiлi i задавалi самыя розныя пытаннi Сяргею Пятроўскаму, якi праводзiў гэты пазаакадэмiчны «занятак». У першую чаргу будучых абiтурыентаў цiкавiлi спецыяльнасцi, патрабаваннi да паступлення, магчымы конкурс. Некаторых – праца пасля заканчэння, магчымасць набыцця дадатковай адукацыi i заняткаў у гуртках i спартыўных секцыях. На ўсе пытаннi школьнiкi атрымалi падрабязныя адказы, а ў дадатак – друкаваныя матэрыялы i запрашэнне да ўдзелу ў «Днi адчыненых дзвярэй», якi мае быць у акадэмii 25 сакавiка.
Потым на прыгожай сцэне раённага Дому культуры прадстаўнiкi розных навучальных устаноў прэзентавалi свае ўнiверсiтэты i каледж. Нягледзячы на тое, што Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт культуры i мастацтваў запрашае, у тым лiку i на харэаграфiю, i на вакал, скокамi i песнямi гледачоў парадаваў не ён, а аграрна-эканамiчны каледж. Яго навучэнцы зладзiлi невялiчкi канцэрт, у якiм досыць актыўна запрашалi да набыцця эканамiчнай i гатэльнаспраўнай адукацыi.
Цiкавае, захапляючае, крыху iнтрыгуючае кiно было паказана настаўнiкам, гiмназiстам i школьнiкам пра Вiцебскую дзяржаўную акадэмiю ветэрынарнай медыцыны. Фiльм расказаў усiм прысутным пра значнасць, складанасць i неабходнасць прафесiй, якiм навучаюць на ветэрынарным i бiятэхналагiчным факультэтах. А Сяргей Пятроўскi, прадстаўнiк акадэмii на гэтым форуме, адзначыў, што самае галоўнае, не пайсцi туды, куды вабяць рэклама, прыгожыя скокi, песнi цi малюнкi альбо куды накiроўваюць бацькi цi накiроўваюцца сябры i сяброўкi. Самае галоўнае – гэта праз колькi гадоў не шкадаваць аб тым, што стаў мэнэджарам, а не настаўнiкам, вiзажыстам, iнжынерам, маркетолагам, а не лекарам ветэрынарнай медыцыны.
Пасля заканчэння сустрэчы ўжо iншыя хлопцы i дзяўчыны зноў падыходзiлi да часовай рэзiдэнцыi акадэмii. Зноў задавалi пытаннi, зноў цiкавiлiся правiламi паступлення i…дзякавалi за цiкавы выступ i карысную iнфармацыю, якую атрымалi пра нашу ВНУ. Прыемна, што такiя ж добрыя словы казалi не толькi навучэнцы, але i прадстаўнiкi аддзелу адукацыi, настаўнiкi i выкладчыкi з iншых ВНУ, што прысутнiчалi на сустрэчы.
Наколькi «зачапiла» акадэмiя тых, хто лiтаральна праз некалькi месяцаў пачне выбiраць шлях у дарослае жыццё, даведаемся ўжо ў чэрвенi. А прафарыентацыя працягваецца!