Яшчэ адзiн крок да будучай прафесii альбо вучыцца, вучыцца i яшчэ раз вучыцца…
Заклiк пра неабходнасць пастаяннага навучання шмат разоў гучаў падчас сустрэчы студэнтаў 3 курса ФВМ, атрымлiваючых вышэйшую адукацыю пасля заканчэння каледжаў, з вядомым у Беларусi экспертам па свiнагадоўлi Аляксандрам Цярэшка. Агульная тэма гэтай сустрэчы, зладжанай кафедрай унутраных незаразных хвароб жывёл 21 сакавiка 2023 года, «Свiнагадоўля сёння. Быць прафесii».
Аляксандр Цярэшка не чытаў лекцыю. Ён расказваў пра сучаснасць i будучыню прамысловай свiнагадоўлi ў краiне, а таксама акрэслiў шэраг важных кропак, якiя характарызуюць рэальную свiнагадоўлю Беларусi.
Першая кропка – гэта развянчанне мiфу пра «брудных свiней». Сучасная прамысловая свiнагадоўля – гэта не бруд i не гной, а чыстыя, добра абсталяваныя памяшканнi, у якiх працуюць не ў драных лахманах, а ў прыгожай (з прафесiйнага пункту гледжання) i зручнай спецвопратцы.
Другая кропка – беларуская свiнагадоўля працуе на ўзроўнi ЗША i краiн ЕС, маючы з iмi аднолькавыя тэхналогii, праблемы i шляхi iх вырашэння. Таму ня трэба шукаць шчасця дзесьцi яшчэ, калi яно ёсць побач.
Трэцяя кропка. «Мы вырабляем свiнiну, а не свiней». I таму праца спецыялiстаў свiнагадоўлi павiнна быць накiравана на пошук шляхоў павялiчэння вырабу свiнiны i змяншэння яе сабекошту. Студэнты былi ўражаны тым, што 70% сабекошту свiнiны складаюць не ветэрынарныя выдаткi, а выдаткi на кармы. Гэта пры тым, што пры безгаспадарчасцi на комплексе можа быць згублена 5 i больш адсоткаў кармоў. А калi «гаспадарамi» на прадпрыемстве робяцца пацукi, то на «кармленне» аднаго грызуна ў год разыходзiцца 15 кг паўнавартаснага камбiкорма!!!
Чацвёртая кропка – гэта iснаванне «пiрамiды здароўя», у аснове якой ляжаць умовы кармлення, паення, утрымання, у сярэдзiне – умовы менеджменту, супрацьiнфекцыйныя i супрацьпаразiтарныя апрацоўкi, а на вяршынi – лячэнне хворых жывёл. Становiцца зразумелым, што моц фундаменту – крынiца ўстойлiвасцi ўсёй сiстэмы, а яго хiбы – таксама крынiца, але прычын, што вядуць да неабходнасцi лячэння хворых жывёл.
Пятая кропка – няма дрэнных лекаў, ёсць парушэнне правiл iх выкарыстання. Цяперашнiя ветэрынарныя фельчары i будучыя ветэрынарныя ўрачы атрымалi важную iнфармацыю – не заўсёды «вiнаватая» вакцына альбо сыраватка. Няправiльнае захоўванне, парушэннi правiлаў асептыкi i антысептыкi, няведанне месцаў iн’екцыi, выкарыстанне няспраўнага абсталявання – шлях да вялiкiх праблем з захаванасцю i прадуктыўнасцю свiней.
Адсюль вынiкае шостая кропка – парадак ва ўсiм. У забеспячэннi гэтага парадку важная роля належыць як самiм удзельнiкам працэсу (урачам, зааiнжэнерам, аператарам), так i сучасным тэхналогiям. Лiчбавiзацыя – сучасны iнструмент прагрэсiўнай свiнагадоўлi, якi дазваляе весцi падрабязны ўлiк i кантроль не для ўлiку i кантролю, а дзеля росту прыбытковасцi галiны.
I нарэшце, сёмая кропка – важнасць наяўнасцi квалiфiкаваных кадраў i каманды. I пастаяннай вучобы. На ўсiх узроўнях – ад дырэктара да аператара. Таму што галоўны рэсурс ва ўсiм (i ў прамысловай свiнагадоўлi таксама) – гэта чалавек.
Размова атрымалася цiкавай. Нават не было чутна «стандартнага» слова: «Званок!». А калi званок усё ж такi празвiнеў, вакол выступоўца сабралiся студэнты, якiя задавалi самыя розныя пытаннi (але ўсё па тэме). Магчыма, хлопцаў i дзяўчат пачутае «зачапiла» настолькi, што шмат хто з iх стане ўрачом альбо тэхнолагам на свiнагадоўчым комплексе? Пажывем – пабачым. А спадару Аляксандру вялiкi дзякуй. I да наступных сустрэч!
Сяргей Пятроўскi,
дацэнт кафедры ўнутраных
незаразных хвароб жывёл