Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню ведаў
Дзень 1 верасня акадэміі ветэрынарнай медыцыны быў насычаны на мерапрыемствы і ганаровых гасцей. Пачынаўся дзень з пасяджэння Савета, затым – адкрыццё музея кафедры анатоміі і ўрачыстая частка.
Урачыстае мерапрыемства наведалі: памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Вячаслававіч Брыло, намеснік дырэктара Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Кірыл Іванавіч Глушчанка, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Таццяна Мікалаеўна Ігнаткова, старшыня камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Анатольевіч Галанаў, дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Глеб Аляксандравіч Лапіцкі, спецыялісты прафсаюза АПК і іншых грамадскіх арганізацый.
У святочным мерапрыемстве прынялі ўдзел: прафесарска- выкладчыцкі склад, супрацоўнікі і галоўныя віноўнікі ўрачыстасці – першакурснікі.
Мікалай Іванавіч Гаўрычэнка распавёў студэнтам пра гісторыю акадэміі і пажадаў ім падтрымліваць традыцыі альма-матэр. Падчас вучобы неабходна прыкласці ўсе свае веды, упартасць і ўменні для дасягнення пастаўленай мэты. У акадэміі ёсць усё, каб стаць высокакваліфікаванымі спецыялістамі: матэрыяльна-тэхнічная база і вопытны прафесарска-выкладчыцкі склад, можна праявіць сябе і ў навуцы, і ў творчасці, сярод 100 найбольш цытуемых вучоных Беларусі шаснаццаць працуюць у нашай Акадэміі.
Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Ігар Брыло таксама скончыў Акадэмію. Ён расказаў, што прыязджаючы сюды, адчувае станоўчыя эмоцыі, усплываюць успаміны самага бесклапотнага і цікавага часу. Выказаў словы падзякі сваім настаўнікам і прафесарска-выкладчыцкаму складу за падрыхтоўку высокапрафесійных спецыялістаў. Ігар Вячаслававіч падкрэсліў, што праца ветэрынарных урачоў цікавая, складаная, але творчая. Працаваць даводзіцца ў сельскай гаспадарцы, перапрацоўчай прамысловасці, ветэрынарных клініках, на мяжы. Многія выпускнікі ўзначальваюць вядучыя прадпрыемствы нашай краіны, займаюць кіруючыя пасады.
«Уважліва слухайце сваіх выкладчыкаў і фармуйце сябе як асобу», – пажадаў першакурснікам Ігар Вячаслававіч.
Шмат пажаданняў і словаў на дарогу пакінулі госці студэнтам. Старшыні грамадскіх арганізацый прысвяцілі «навічкоў» у члены пярвічак. Дэканы і дырэктар аграрнага каледжа ўручылі «першыя» заліковыя кніжкі. Усе разам вымавілі клятву першакурснікаў і з гэтага моманту сталі імі!
Выкладчыкі і супрацоўнікі, якія дасягнулі высокіх вынікаў у мінулым навучальным годзе, узнагароджаны ганаровымі граматамі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, акадэміі, адміністрацыі Кастрычніцкага раёна горада Віцебска, прафсаюза работнікаў АПК, БРСМ.
Акадэміі для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы падарылі сертыфікаты для набыцця новага навучальнага абсталявання.
Пасля афіцыйнай часткі гасцей чакаў канцэрт, падрыхтаваны супрацоўнікамі Дома культуры і студэнтамі Акадэміі.