14 кастрычніка – Дзень маці
У Беларусі Дзень маці адзначаецца 14 кастрычніка з 1996 г. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у ліпені 1996 года было ўстаноўлена свята – Дзень маці, які супадае з праваслаўным святам Пакрова Божай Маці.
Свята з’яўляецца данінай глыбокай павагі і пакланення перад жанчынай-маці, працаўніцай і захавальніцай сямейнага ачага.
Дата святкавання Дня маці ў Рэспубліцы Беларусь выбрана невыпадкова. 14 кастрычніка Праваслаўная Царква святкуе Пакроў Прасвятой Багародзіцы. Як Багародзіца сваім покрывам хавае і абараняе людзей ад ворагаў, бачных і нябачных, ад усіх бед і пошасцяў, так і жанчына-маці засцерагае сваіх дзяцей і свой сямейны ачаг.
Дзень маці ¬– гэта свята, да якога ніхто не можа застацца абыякавым. Ён мае вялікае значэнне ва ўсталяванні больш цеснай сувязі паміж дзецьмі і маці, ва ўмацаванні інстытута сям’і.
Стваральная роля маці, пазітыўныя жыццёвыя арыенціры дзяцей – гэта тыя асновы, без якіх немагчыма ўмацаванне прэстыжу сям’і, фарміраванне грамадзянскіх інстытутаў, паўнавартаснае развіццё дзяржавы.
У гэты дзень хочацца сказаць словы падзякі ўсім маці, якія дораць дзецям любоў, дабро, пяшчоту і ласку. Дзякуючы маме, яе клопату і ўдзелу ў выбары нашай дарогі ў жыцці, мы дамагаемся сваіх мэтаў. Ніхто не любіць нас так беззапаветна і верна, як мама. Яна дае нам першыя ўрокі маральнасці і духоўнасці, дабрыні і пяшчоты.
Падобнае свята ёсць у кожнай краіне свету, але слова «мама»на ўсіх мовах гучыць аднолькава.