Вырабляць свініну, а не свіней!
На пасяджэнні, прысвечаным пытанням развіцця свінагадоўлі рэспублікі, што адбылося чацвёртага верасня бягучага года, Аляксандр Лукашэнка выразна вызначыў і акрэсліў асноўныя негатыўныя тэндэнцыі, якія пануюць на сучасны момант ў гэтай галіне аграпрамысловага комплекса. Для выкаранення існуючых хібаў і выпраўлення сітуацыі патрабуюцца “захаванне элементарных мер тэхналагічнай і працоўнай дысцыпліны, актывізацыя селекцыйна-племянной работы, удасканаленне рэцэптур камбікармоў”.
Рэалізацыя пастаўленных задач адводзіцца будучым выпускнікам, тым, хто зараз атрымлівае тэарэтычныя веды на лекцыях і практычна выкарыстоўвае іх на лабараторна-практычных занятках. Менавіта яны разам з тымі, хто ўжо шмат гадоў працуе на свінагадоўчых комплексах, пачнуць рэалізовываць комплекс агульнагаспадарчых і спецыяльных ветэрынарных мерапрыемстваў.
Для большага разумення значнасці працы ветэрынарнага ўрача і яе асаблівасці ў працы менавіта са свіннямі, фарміравання новага погляду на свінагадоўлю, кафедрай унутраных незаразных хвароб жывёл 18 кастрычніка была наладжана сустрэча студэнтаў 5 курса факультэта ветэрынарнай медыцыны з вядомым у рэспубліцы незалежным кансультантам у прамысловай свінагадоўлі Аляксандрам Цярэшка. Спадар Аляксандр вельмі імпэтна і цікава прадставіў ўсім прысутным інфармацыю пра тое, што свінні – крыніца буйных даходаў. А сучасная свінагадоўля – гэта не цесныя, цёмныя каморы, а светлыя, прасторныя памяшканні з высокатэхналагічным абсталяваннем.
Але дзеля таго, каб атрымаць гэтыя даходы, трэба добра папрацаваць. Гэтая праца павінна забяспечыць атрыманне менавіта СВІНІНЫ, а не свіней. І для яе патрэбны глыбокія веды, жаданне вучыцца і спасцігаць новае, як падчас вучобы, так і падчас практычнай дзейнасці. Усё пералічанае ў наяўнасці і ў будучых выпускнікоў, у якіх меньш чым праз месяц адбудзецца папярэдняе размеркаванне. Магчыма, кагосьці з прысутных на сустрэчы атрыманыя звесткі “зачэпяць”, свінагадоўля стане яго выбарам і прафесіяй на ўсё жыццё.
Чырвонай стужкай праз расповед пра свіней, асаблівасці ветэрынарных апрацовак, барацьбу з пацукамі ды мікробамі праходзіла думка пра тое, што “развіцца” у прафесіянала магчыма толькі праз пастаянную вучобу, кантакты і абмеркаванне праблем з людзьмі самых розных рангаў, якія маюць глыбокі досвед ў свінагадоўлі (як практычны, так і тэарэтычны). Важна тое, што для таго, каб стаць не проста прафесіяналам, а высокааплатным прафесіяналам, ня трэба кудысьці з’язджаць. Гэта вельмі важна!
Спадару Аляксандру далейшых навуковых і прафесійных поспехаў. Падзяка дэкану факультэта Юшкоўскаму Яўгену і загадчыцы кафедры Багамольцавай Марыі, якія шмат паспрыялі таму, каб сустрэча адбылася. І да наступных сустрэч.
Сяргей Пятроўскi,
дацэнт кафедры ўнутраных
незаразных хвароб жывёл
20.10.2023