ДАПАМОГА ВЫТВОРЧАСЦІ – СПРАВА ДЗЯРЖАЎНАЯ!
Дзеля падрыхтоўкі ветэрынарных спецыялістаў на больш высокім узроўні, менавіта для працы ў вытворчасці свініны, факультэтам ветэрынарнай медыцыны сумесна з кафедрай унутраных незаразных хвароб жывёл былі арганізаваныя сваеасаблівыя выязныя заняткі для студэнтаў 4 курса ФВМ (сістэма неперарыўнай падрыхтоўкі).
Пры аказанні дапамогі свінагадоўчаму комплексу КВУП “Віцебскі бекон” студэнты атрымалі шмат карысных і неабходных практычных уменняў і навыкаў, якія дапоўнілі тэарэтычныя веды, што ўжо меліся ў наяўнасці.
Напачатку заняткаў галоўным урачом гаспадаркі Івашэнем Дзмітрыем Андрэевічам была праведзена невялічкая экскурсія па комплексе, падчас якой студэнты атрымалі карысныя звесткі аб сучаснай тэхналогіі ўтрымання свіней на перадавым прамысловым прадпрыемстве. Усе былі ўражаны жорсткасцю патрабаванняў ветэрынарна-санітарных правілаў па наведванню комплекса. Але таксама з гэтым прыйшло і паразуменне таго, што без такіх правілаў не можа быць ні сучаснай сельскай гаспадаркі, ні сучаснай ветэрынарыі наогул. І не важна, што гэта за ветэрынарыя: ці дробных жывёл у клініцы, ці кароў на малочна-таварнай ферме, ці бройлераў на птушкафабрыцы. Дарэчы, згодна з правіламі наведвання падобных прадпрыемстваў немагчыма зрабіць нейкія фатаздымкі на ўласныя тэлефоны ці фотапараты, якія проста не дазваляецца праносіць на тэрыторыю (гэтак жа сама, як і ўласную вопратку, упрыгожванні, паперы і г.д.).
Асваенне розных тэрапеўтычных маніпуляцый (унутрымышачнае і ўнутрыбрушынныя ўводзіны розных лекаў), вывучэнне схем вакцынацый, што праводзяцца на комплексе, прэпаратаў, што выкарыстоўваюцца для лячэння хворых жывёл і прафілактыкі заразных і незаразных хвароб склалі практычную частку сустрэчы. Пры гэтым увагу студэнтаў аўтар артыкула звярнуў на тое, як упарадкавана ветэрынарная аптэка, і параіў, каб у далейшым усе прысутныя свае месцы працы абсталёўвалі аналагічна (акуратна, функцыянальна і згодна з патрабаваннямі да захоўвання біялагічных і фармакалагічных сродкаў).
Нарэшце, студэнты “падышлі” да наступнай часткі практыкі ветэрынарнага спецыяліста – дыягностыкі. У прамысловай свінагадоўлі з мэтай выключэння шматлікіх інфекцыйных захворванняў шырока выкарыстоўваецца лабараторная сералагічная дыягностыка. Але, каб яе правесці, патрэбна кроў. Цяпер мы з вамі можам быць упэўнены, што выпускнікі ФВМ (неперарыўная падрыхтоўка) 2024 года выпуску не будуць шукаць у свінні яромнай вены. Імі асвоена атрыманне крыві з арбітальнага вянознага сінусу і атрымана інфармацыя наконт іншых спосабаў адбірання крыві ў свіней.
Заняткі скончаны. Студэнты былі перапоўненыя эмоцыямі – пазітыўнымі, і ведамі – практычнымі, настолькі, што не жадалі ад’язджаць. Але трэба. Спадзяемся, што гэта не апошняя сустрэча.
Бывай, свінакомплекс. І да сустрэчы!
Дацэнт кафедры ўнутраных незаразных хвароб жывёл Пятроўскі Сяргей
21.11.2023