Што цікавага на Алтаі?
А на Алтаі (больш дакладна, у Барнауле) – звышцікавая навукова-практычная канферэнцыя «Аграрная навука – сельскай гаспадарцы». Канферэнцыя штогод ладзіцца ў Алтайскім дзяржаўным аграрным універсітэце і ў гэтым лютым адбылася ўжо ў дзевятнаццаты раз. Такой цікавай яе зрабілі выдатная арганізацыя, шырокія міжнародны і “унутраны” удзелы (5 краін свету, 30 рэгіёнаў Расіі). Дарэчы, у накірунку (секцыі) “Інавацыйныя падыходы да дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі хвароб жывёл” удзельнічалі 9 навуковых і адукацыйных устаноў з Беларусі і Расійскай Федэрацыі. Цікаўнасць сустрэчы дадала разнастайнасць прамоў як маладых, так і ўжо сталых навукоўцаў. Тэмы былі самыя розныя (гэтак жа сама, як і віды жывёл, з якімі працавалі калегі). Гэта былі, як і “знаёмыя” нам цяляты, сабакі і каты, так і экзатычныя для Беларусі маралы.
У пасяджэнні ўжо названай секцыі 9 лютага прыняў (на жаль, пакуль у рэжыме on-line) і аўтар гэтага артыкула. Тэмай размовы з калегамі сталі хваробы печані у свінаматак, а дакладней, іх уплыў на малочную прадукцыйнасць, якасны склад малодзіва і малака, а праз гэта – і паказчыкі развіцця парасят. Варта адзначыць, што свінаматкі не згубіліся сярод сабак і маралаў. Было бачна, што атрыманыя вынікі цікавыя ўдзельнікам канферэнцыі (і тым, што прысутнічалі ў зале, і тым, што знаходзіліся па-за Барнаўлам у Казані, Мінску, Навасібірску і іншых гарадах, але дзякуючы Інтэрнету змаглі далучыцца да ўдзелу ў сустрэчы).
У кароткай прамове немагчыма раскрыць усе нюансы доследу, таму і было шмат пытанняў да выступоўца. Але дзеля гэтага і ладзяцца канферэнцыі. На ўсе пытанні ваш пакорны слуга даў падрабязныя і (спадзяюся) грунтоўныя адказы. Дарэчы, пытанні слухачы і ўдзельнікі навуковай імпрэзы задавалі не дзеля пытанняў, а таму, што тэмы і матэрыялы прамоў (і паразіты маралаў, і каменні ў мачавыводзячых шляхах у катоў, і птушыныя сухоты, і біяхімічныя паказчыкі сабак) іх сапраўды зацікавілі.
Шмат для таго, каб удзельнікі канферэнцыі не стаміліся і не пачалі нярвова паглядваць на гадзіннікі (а да канца сустрэчы ніхто з тых, хто працаваў on-line, не сышоў (ведаю па сабе)) зрабілі мадэратары секцыі. Гэтую пачэсную і адказную працу выконвалі Мядзведзева Ларыса Вячаславаўна, дэкан факультэта ветэрынарнай медыцыны, і Фёдарава Галіна Анатольеўна, намеснік дэкана па навуковай рабоце. За ўсё зробленае ім вялікі дзякуй.
Канферэнцыя скончылася, але навуковае жыццё працягваецца, новыя дадзеныя назапашваюцца, плённа выкарыстоўваюцца і прыносяць карысць. А каб гэтыя дадзеныя былі карысныя ўсім, каму патрэбна дапамога, мы будзем сустракацца зноў і зноў. Расказваць, абмяркоўваць, часам спрачацца, але рухаць, развіваць і паляпшаць і ветэрынарную навуку, і стан здароўя жывёл, і іх прадукцыйнасць.
Навука не кажа: “Бывайце”. Навука і ўсё мы кажам: “Да пабачэння!!!!!”
Дацэнт кафедры ўнутраных хвароб жывёл Сяргей Пятроўскі
12.02.2024