Усяму пачатак — родная мова
Роднае слова – люстэрка культуры народа, яго духоўнае аблічча. Мова – наша спадчына, якую мы атрымліваем ад бацькоў і павінны перадаць наступным пакаленням. Той, хто хаця б аднойчы пачуў беларускую мову, не забудзе яе мяккасці, мілагучнасці і самабытнасці.
Міжнародны дзень роднай мовы (International Mother Language Day) абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 года. Ён адзначаецца з 2000 года і мае на мэце садзейнічанне моўнай і культурнай разнастайнасці.
Дата для гэтага свята была абраная ў знак памяці пра падзеі, якія адбыліся ў Даке, сталіцы Бангладэш. Гэты дзень – яшчэ адна нагода задумацца аб лёсе роднай мовы і беларусам.
На кафедры замежных моў УА ВДАВМ традыцыйна адзначаецца Дзень роднай мовы. 22 лютага старшымі выкладчыкамі кафедры Кручанковай Т. М. і Баушынай Ю. У. са студэнтамі 1 курса БТФ было праведзена выхаваўча-ідэалагічнае мерапрыемства, прысвечанае гэтаму дню. Навучэнцы даведаліся пра гісторыю гэтага свята, пачулі цікавыя факты пра беларускую мову, прачыталі вершы выдатных беларускіх пісьменнікаў, а затым прынялі ўдзел у конкурсах і выкананні разнастайных тэматычных заданняў. Студэнты палепшылі свае веды па роднай мове і змаглі ў чарговы раз упэўніцца ў яе прыгажосці і непаўторнасці. У рамках мерапрыемства быў аформлены тэматычны стэнд. Таксама удзельнікі свята пачаставаліся беларускімі цукеркамі і зрабілі цудоўныя фотаздымкі.
Такія мерапрыемствы садзейнічаюць ідэалагічнаму і патрыятычнаму выхаванню моладзі, спрыяюць фарміраванню пачуцця гордасці за родную мову і сваю краіну.
Кафедра замежных моў
23.02.2024