Беларуская мова ў сістэме агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей
Мова – найважнейшы сродак зносін паміж людзьмі. Яна ўзнікае ў грамадстве, з развіццём грамадства і ахоплівае ўсе сферы дзейнасці чалавека. Пры дапамозе мовы людзі абменьваюцца думкамі, наладжваюць сувязі паміж народамі, дзяржавамі, развіваюць вытворчасць, тэхніку, робяць адкрыцці.
Нацыянальная мова – адметная рыса любой нацыі. Без нацыянальнай мовы нацыя існаваць не можа. Беларуская нацыянальная мова – мова беларускага народа, яго скарб, які непадзельна звязаны з духоўнай сутнасцю беларускага народа.
29 лютага 2024 года на кафедры замежных моў адбыўся навукова-метадычны семінар. З дакладам «Беларуская мова ў сістэме агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей» выступіла старшы выкладчык Баушына Ю.У. Яна ўказала на актуальнасць дадзенай тэмы, таму што беларуская мова – гэта не толькі культурны код нацыі, сімвал нацыянальнай самасвядомасці, але і важная частка патрыятычнага выхавання, фундамент гістарычнай памяці.
Юлія Уладзіміраўна адзначыла, што беларуская мова сярод моладзі становіцца ўсё больш папулярнай. Каля 30% моладзі лічыць, што вывучэнне беларускай мовы – адзін з маркераў патрыятызму і грамадзянскасці і выкарыстоўваюць беларускую мову ў паўсядзённым жыцці. У цяперашні час сітуацыя з беларускай мовай значна паляпшаецца. У гэтым важную ролю адыгрывае дзяржаўная моўная палітыка, нагляднасць беларускай мовы на вуліцах гарадоў, папулярызацыя беларускамоўнай літаратуры. Беларуская мова становіцца моднай.
О матчына мова! Маленства вясна! Ніколі ніхто мне цябе не заменіць, бо ты, як і маці, на свеце адна. (Алесь Бачыла)
01.03.2024