Да 100-годдзя нашай Акадэміі
Многія гады супрацоўнікамі кафедры паразіталогіі праводзіліся пошукі па ўдакладненні аўтабіяграфічных дадзеных прафесара Міхаіла Андрэевіча Арнольдава, які працаваў загадчыкам кафедры эпізааталогіі Віцебскага ветінстытута (1927г.), затым на кафедры паразіталогіі да 1931 г.
Удалося высветліць, што магістр ветэрынарных навук, прафесар М.А. Арнольдаў нарадзіўся ў 1868 г. у с. Навадзевіч’е Сенгіліўскага павета Сярэдне-Волжскага краю. Скончыў Варшаўскі ветэрынарны інстытут. Працаваў начальнікам ветэрынарнага бюро Саратаўскага губернскага земства і загадваў лабараторыяй. У канцы 1917 г. быў абраны на пасаду загадчыка кафедры эпізааталогіі Казанскага ветэрынарнага інстытута. У 1924-1925 гадах працаваў рэктарам Новачаркаскага ветінстытута. У 1927 годзе абраны загадчыкам кафедры эпізааталогіі Віцебскага ветінстытута, у 1928 г. пераведзены на кафедру паразіталогіі. У 1933 г. М.А. Арнольдаў быў абвінавачаны ў антыдзяржаўнай дзейнасці і асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі. Знаходзіўся ў лагерах у Архангельскай вобласці. Вызвалены датэрмінова 26.10.1936 года. Рэабілітаваны трыбуналам Беларускай ваеннай акругі 21.08.1956 г.
Вядома таксама, што М.А. Арнольдаў быў жанаты на дачцэ правізара г. Карсун Юліі Рыхардаўне (народжанай Вюнт). У сям’і было двое дзяцей. Пражывалі ў г. Віцебску, на вуліцы Баўмана, 3. Прафесар М. А. Арнольдаў быў адным з арганізатараў і заснавальнікам навуковай ветэрынарыі ў Цэнтральнай Расіі. Ён шмат зрабіў для станаўлення вышэйшай ветэрынарнай адукацыі, асабліва ў галіне інфекцыйнай і інвазійнай паталогіі жывёл у першыя гады функцыянавання Віцебскага ветэрынарнага інстытута.
А. І. Ятусевіч, прафесар