І ЗНОЎ РАЗАМ СУСТРАКАЕМ ВЯСНУ!
Правядзенне гарадскога міжвузаўскага фестывалю-свята Наўруз стала ўжо традыцыяй у сценах нашай акадэміі. 21 сакавіка 2024 года ў XI раз наша Alma mater была месцам дружбы народаў, разумення, павагі і радасці. Паводле святога тэксту з кнігі «Авеста», у гэты дзень усе людзі на зямлі павінны адзначаць адраджэнне жыцця, якое адбываецца ў шасці праявах: абнаўленне зямлі, неба, вады, раслін, жывёл і самога чалавека.
Наўруз – 2024 сабраў у сценах акадэміі прадстаўнікоў з 12 краін свету –студэнтаў і слухачоў устаноў вышэйшай адукацыі горада Віцебска (ВДУ імя П.М. Машэрава, ВДМУ). Першая частка свята была сканцэнтравана на спартыўных мерапрыемствах пры кафедры фізічнага выхавання і спорту: дартс, настольны тэніс і перацягванне ліны – студэнты з Узбекістана, Лівана, Туркменістана і Туніса ва ўпартай і займальнай барацьбе вызначалі пераможцаў.
Выстава творчасці і кулінарыі, прысвечаная святу вясны, стала другой часткай фестывалю і праходзіла ў сценах Дома культуры Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Эксклюзіўныя стравы, нацыянальныя касцюмы, танцы народаў свету і мора смачных уражанняў – гэта варта было ўбачыць і паспрабаваць!
Кульмінацыяй інтэрнацыянальнага свята стала выступленне вакальных і танцавальных калектываў са Шры-Ланкі, Кітая, Конга і Расіі. Падзякі рэктара Акадэміі Гаўрычэнкі М.І. з рук прарэктара па выхаваўчай рабоце Фядотава Д.М. атрымалі прадстаўнікі інтэрнацыянальных старастатаў акадэміі, устаноў вышэйшай адукацыі Віцебска і супрацоўнікі, якія ўнеслі ўклад у развіццё выхаваўчага працэсу сярод замежнага студэнцкага кантынгенту.
Яркая канцэртная праграма падарыла ўсім незабыўныя ўражанні, зарад станоўчых эмоцый і атмасферу дома!
Аддзел міжнароднага супрацоўніцтва,
прафарыентацыйнай работы і давузаўскай падрыхтоўкі