ПАДРЫХТОЎКА ДА СТАЖЫРОЎКІ ‒ СПРАВА АДКАЗНАЯ!
Дзеля таго, каб стаць паспяховым спецыялістам, трэба шмат вучыцца. Але трэба і шмат працаваць, каб атрыманыя веды не сталі проста непатрэбным цяжкім грузам. Таму студэнты чацвёртага курса факультэта ветэрынарнай медыцыны і стажыруюцца ў найбольш выбітных гаспадарках Рэспублікі Беларусь.
Каб стажыроўка студэнтаў праходзіла з большым плёнам, кафедрай ўнутраных незаразных хвароб жывёл разам з кафедрай акушэрства, гінекалогіі і біятэхналогіі размнажэння жывёл 8 красавіка было зладжана сумеснае пасяджэнне навуковых студэнцкіх гурткоў “Ідзем наперад” (навуковыя кіраўнікі дацэнт Пятроўскі Сяргей і асістэнт Васькін Валерый) і “Рэпрадукцыя” (навуковы кіраўнік Панаськоў Міхаіл).
Падчас пасяджэння члены гурткоў Пазняк Паліна, Хахлянок Ганна, Юрчанка Ігар, Мел’янцаў Мікалай, Лакун Кацярына, Дашкевіч Яўген, Кандрашкова Елізавета і шэраг іншых неабыякавых студэнтаў і магістрантаў прайшлі сваеасаблівы майстар-клас. Яны даведаліся і, самае галоўнае, атрымалі практычныя веды пра дзве хваробы, якія чыняць вялізарны эканамічны ўрон прамысловай малочнай скотагадоўлі. Пра тое, як дыягнаставаць, праводзіць лячэнне хворых жывёл і прафілактаваць кетоз і змяшчэнне сычуга, расказаў і паказаў дацэнт Пятроўскі Сяргей. Прысутным стала зразумела, што выкарыстанне ўжо вядомых (перкусіі і аўскультацыі) і больш сучасных (прыстасаванні для экспрэс-вызначэння ўзроўню кетонавых целаў і глюкозы ў крыві) сродкаў дыягностыкі дазволіць паспяхова вызначаць і змяшчэнне страўніка, і кетоз ды і шэраг іншых звязаных з імі хвароб на самых ранніх стадыях іх развіцця, яшчэ да нанясення вялікай шкоды.
“Кульмінацыяй” пасяджэння стала пастаноўка карове дрэнчара дзеля ўвядзення ў рубец вялікага аб’ёму вадкасці, утрымліваючай цукар, прапіленгліколь, вітаміны, макра- і мікраэлементы. Былі раскрыты некаторыя падрабязнасці працэсу, выкананне якіх ніколі не дазволіць карове захлынуцца падчас увядзення зонду, а нам стаць нявольнымі саўдзельнікамі гэтага.
Усім было цікава, але праца працягваецца! Яшчэ будзе не адно пасяджэнне студэнцкіх гурткоў дзеля атрымання карысных тэарэтычных і практычных ведаў і іх далейшай паспяховай рэалізацыі. І падчас стажыровак, і падчас працы ўжо дыпламаваным ветэрынарным спецыялістам.
Да новых сустрэч!
08.04.2025