КОТ ‒ УСЯМУ ГАЛАВА!!!
Гэта думка першай прыходзіла падчас наведвання выставы “Сакавіцкія каты”, зладжанай у культурна-гістарычным комплексе “Залатое кола горада Віцебска “Дзвіна””. На яе восьмага красавіка завіталі студэнты другой групы чацвёртага курса факультэта ветэрынарнай медыцыны разам са сваім куратарам (аўтарам гэтай нататкі).
Самыя розныя мастацкія ўвасабленні катоў і котак: малюнкі ў акварэлі, гуашы, алоўку, фламастары, вырабы з пластыліну, паперы, тканіны. Каты на самы пераборлівы і вытанчаны густ: астраномы, кухары, лекары, настаўнікі, навукоўцы, пажарныя. Высветлілася, што ў сакавіку каты могуць не толькі крычаць уначы, але і шыць, гатаваць, прыбірацца ў хаце, гуляць у футбол, вывучаць зоркі і рабіць шмат іншых карысных рэчаў. І, безумоўна, выхоўваць сваіх гаспадароў.
Усе гэтыя ўвасабленні вялікай кацінай сям’і створаны дзецьмі: выхаванцамі дзіцячых садкоў, навучэнцамі сярэдніх і мастацкіх школ. Як адзначылі нашы студэнты, кожны экспанат па-свойму выбітны, нягледзячы, хто яго стварыў: ці то хлопчык трох гадоў, ці то выпускніца 11-га класа.
Наведванне выставы карысна нашым студэнтам ды і кожнаму культурнаму і неабыякаваму чалавеку. Пасля знаёмства з ею па-іншаму ўспрымаецца нашае звычайнае асяроддзе. Бо жывёлы ў ім прызначаны не толькі для выкарыстання ў якіх-небудзь мэтах альбо як аб’ект для лячэння, але і як створаныя Панам Богам нашыя сябры.
У кнізе водгукаў намі пакінута пажаданне ўсім удзельнікам далейшых творчых поспехаў. А таксама прапанова пасля заканчэння сваіх дзіцячых садкоў, школ і гімназій стаць студэнтам нашай акадэміі, у якой па-сапраўднаму навучаць любіць жывёл (і не толькі котак). Бо без любові (ці хоць павагі) да іх немагчыма стаць цалкам класным прафесіяналам.
Выстава працуе да 13 красавіка. Да новых сустрэч!
Дацэнт кафедры ўнутраных
незаразных хвароб
Сяргей Пятроўскі
10.04.2025