Выстава навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная»
20-22 студзеня бягучага года ў Мінску на базе Нацыянальнага выставачнага цэнтра «Белэкспа» адбылася выстава навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная».
Мерапрыемства арганізавана ў мэтах выканання даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, дадзенага ў ходзе рабочай сустрэчы са Старшынёй Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімірам Гусаковым 18 кастрычніка мінулага года.
Прэзідэнт раней паставіў задачу пазнаёміць беларускіх грамадзян з тымі навуковымі і тэхнічнымі дасягненнямі, якіх дамаглася за апошні час айчынная навука. У экспазіцыі прадстаўлены ўсе сферы дзейнасці – ад эксклюзіўных беларускіх прадуктаў да асваення космасу.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 студзеня наведаў у Нацыянальным выставачным цэнтры «Белэкспа» выставу навукова-тэхнічных дасягненняў «Беларусь інтэлектуальная». Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з дасягненнямі і распрацоўкамі вучоных НАН Беларусі, прадстаўнікоў устаноў адукацыі, навукова-даследчых дзяржаўных і прыватных арганізацый краіны, тэхнапаркаў, якія займаюцца навуковымі даследаваннямі. Асаблівую цікавасць Кіраўніка дзяржавы выклікалі распрацоўкі ў галіне штучнага інтэлекту. Гэтую тэму ён абмяркоўваў і раней падчас сустрэч з замежнымі партнёрамі. Аляксандр Лукашэнка агледзеў стэнд, дзе прадстаўлены айчынныя кампутары вытворчасці «Гарызонт».
Прэзідэнту падрабязна далажылі і аб цэлым шэрагу іншых распрацовак – лазерныя тэхналогіі, вытворчасць інавацыйных акумулятарных батарэй, распрацоўкі ў сферы электратранспарту і космасу, абароны і бяспекі. У гэтым шэрагу можна асобна вылучыць беспілотныя лятальныя апараты, якія прызначаны не толькі для вайсковых патрэб, але і, напрыклад, для сельскай гаспадаркі. Яны выкарыстоўваюцца пры апрацоўцы палёў для ўнясення сродкаў абароны раслін.
Кіраўнік дзяржавы традыцыйна шмат увагі надае аграрнаму сектару. Улічваючы, што пытанні харчовай бяспекі ў свеце стаяць досыць востра, распрацоўкі беларускіх вучоных-аграрыяў асабліва актуальныя. Яны таксама шырока прадстаўлены на выставе.
У завяршэнне наведвання выставы Аляксандру Лукашэнку падарылі кнігу пра гісторыю беларускай дзяржаўнасці, па якой з 1 верасня ўжо вядзецца падрыхтоўка студэнтаў у ВНУ краіны.
Усяго ў рамках выставы было прадстаўлена больш за 400 экспанатаў – натурныя ўзоры (у тым ліку буйнагабарытная тэхніка), макеты, мультымедыйныя прэзентацыі на вялікіх экранах і многае іншае.
Экспазіцыя мерапрыемства арганізавана па кластэрным прынцыпе, які прадугледжвае аб’яднанне і лагічную сувязь буйных тэматычных блокаў, якія развіваюцца ў Беларусі і найбольш актуальныя у цяперашні час. У ліку кластараў прадстаўлены штучны інтэлект, інфармацыйныя тэхналогіі, робататэхніка, інавацыйнае прыборабудаванне. Ёсць і электратранспарт, а таксама яго базавыя кампаненты, лятальныя апараты. Не абышлі бокам абараназдольнасць і ваенную навуку, экалогію і прыродакарыстанне, біятэхналогіі, фармацыю, ахову здароўя. Шырока прадэманстраваны аграпрамысловы комплекс.
У ліку ўдзельнікаў ў складзе кластара «Аграпрамысловы комплекс. Прадукты харчавання» – УА «Віцебская ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны», якая прадставіла найбольш значныя навуковыя распрацоўкі ў сферы ветэрынарыі.
Выстава «Беларусь інтэлектуальная» выклікала вялікую цікавасць не толькі сярод навуковай грамадскасці, але і сярод мінчан і гасцей сталіцы.
Загадчык выставачнага цэнтрам УА ВДАВМ
Я. Г. Макоўскі